назад. Так ён стаяў і маўчаў. Пасля ён стаў падыходзіць да Славы. Навакол дрэвы, трава, мох; дзіцячыя галасы сталі цішэй. Аднастайна шумяць хвойныя вершаліны. А гэты дзядзька ідзе проста на яе і не зводзіць з яе сваіх вачэй. Гэты нерухомы позірк спалохаў дзіця. Яно забылася на зялёную казюлю і ўсхапілася на ногі, гатовая кінуцца бегчы.
— Як ты завешся? — абазваўся раптам дзядзька.
Вочы яго пільна разглядалі Славу. Слава пабегла.
— Дурное, чаго ты, — паімчаўся наўздагон голас, і дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірак незвычайнага чалавека. Праз хвілін дзве Слава была з дзецьмі, а Наўмыснік усё стаяў з шырока расплюшчанымі вачыма. Пасля ён пайшоў, але ўжо не такой хадой, як раней. Цяпер ён ішоў вельмі павольна, здзіраючы зубамі горкую кару з дубца. Калі перад ім бліснуў канец лесу, ён вярнуўся і пайшоў к дзіцячаму саду. Дзеці, пабраўшыся за рукі, ішлі шукаць зялёнай казюлі. Наперадзе ішла Слава. Яна зноў убачыла чорнавусага дзядзьку з тым самым позіркам. Цяпер яна была не адна і не баялася. Некалькі разоў азіралася і кожны раз бачыла, як незнаёмы дзядзька не зводзіць з яе вачэй. Назаўтра дзядзька зноў з‘явіўся. Ён шпарка, быццам выпадкова, прайшоў паўз дзяцей і ўвесь час трымаў позірк на Славе. Так было некалькі дзён. Некалькі раз ён пытаў яе, як яна завецца, і кожны раз яна, спалоханая, уцякала. У яго ўжо быў намер запытацца ў дзяцей імя гэтай дзяўчынкі, як адна акалічнасць прымусіла яго забыцца на ўсю гэтую справу.
На будаўніцтва Наўмыснік прыходзіў звычайна мала калі. Заўсёды ён быў на цагельным заводзе. Толькі апошнія дні прыходзіў у гэты бок сачыць