за Славай. А цяпер яго пачалі заўважаць траха не кожны дзень на будаўніцтве. Але ніхто гэтага на асаблівую ўвагу не ўзяў.
Аднойчы Наўмыснік шукаў Несцяровіча. Першая змена яшчэ працавала. Наўмыснік прыехаў да Несцяровіча на лодцы, яму трэба было параіцца, ці не пара пакінуць рабіць цэглу, а цагельнікаў паставіць на іншую работу: сапраўды, цэглы было нароблена многа. Яна ляжала вялікімі ярусамі. Наўмысніку сказалі, што Несцяровіч на пабудове, ён туды і пайшоў. Як толькі вышаў ён з лясное дарогі, перад яго вачыма разбеглася знаёмая яму карціна. Гэта была няроўная лагчына, з двух бакоў абгорнутая лесам, і з двух бакоў адкрытая. Наўмыснік стаяў плячыма к лесу на самым дне балотнай лагчыны. Адсюль зямля паволі падымалася ўгару, з кожным крокам сушэла, дарога вілася па ёй, як разасланая істужка, мінала вялікі камень і ўжо была відна над ім. Чыстае неба спускалася на гэты зялёны ўзгорак, увесь купчасты ад хмызнякоў. Направа быў абрыў к рэчцы, за рэчкай без краю балота, не так зялёнае, як чорнае — торф. Налева ледзьве відна была хатка. Паміж ёю і абрывам, на вялікай разлегласці ўсяго ўзгорку (кілометраў паўтара), варушыліся чалавечыя постаці. Іх было многа. Дзе-ні-дзе яны былі па некалькі чалавек, часта — вялікім гуртам. Найбольш іх было сабрана на двух пунктах. Злева былі баракі. І вышэй над імі вырысоўваліся чырвоныя абрысы няскончаных сцен з праваламі будучых акон. Сцены стаялі трыма карпусамі, на верхніх рыштаваннях кожнага корпуса густа стаялі людзі. Нават і адсюль відна было, як хадзілі рукі муляроў — умуроўвалі цэглу. Ні галасоў, ніякіх іншых гукаў не чуваць было. Адлегласць не малая, і гукаў не чутно. Пякло