Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

па зямлі. Сонца неміласэрна пякло. Двое рабочых разбівалі на кавалкі даўжэзны прэнт. Ён ляжаў на раскладзеных скрозь рэйках і займаў месца траха не на ўсю даўжыню корпуса. Адзін рабочы прыстаўляў да прэнта зубіла, другі біў зверху молатам. Адзін стаяў на сонцы, другі ў цяні, Яны часта мяняліся. Яны адбілі канец і перайшлі біць далей. Абое былі ўжо ў цяні. Але пад канец работы над гэтым кавалкам сонца пачало даганяць іх. Малатабоец зноў быў у сонцы. Ён абліваўся потам. Мяняцца яны пачалі часцей. Так было і за трэцім кавалкам. Двое людзей спяшалі: каб апярэдзіць сонца на адзін кавалак, бо тады можна заўсёды працаваць у цяні; у такой самай меры, як паўзе за імі цень, будуць ісці і яны. „Каб хто адзін кавалак адбіў побач з намі! Запасны молат і зубіла ўнь ляжаць. А перасоўваць прэнт не хочацца, цяжка, горача, трэба на падмогу клікаць, — усе занятыя“. Так напэўна думалі гэтыя двое рабочых. Мяняліся яны ўсё часцей і часцей, малатабоец усё шпарчэй і мацней гасіў з-за вуха молатам. Гэта было сапраўднае змаганне двух чалавек з сонечнай спёкай. „Пяць-бы хвілін перадыхнуць. Але тады ўжо няйначай трэба будзе перацягваць прэнт, тады ўжо ніяк сонца не выперадзіш“. У гэты час сюды падышоў чалавек. Запырсканую вапнай сваю кепку ён трымаў у руцэ і абціраў ёю спацелы лоб. Худашчавы твар яго быў чыста выбрыты, але ў пырсках вапны. На чалавеку быў мулярскі фартух, чырвоны ад гліны і цэглы. Рукі таксама мелі такі колер. Чалавек выціраў пот, стаяў у цяні, спусціўшы галаву, і глядзеў у той пункт, дзе молат з вострым дзвінклівым гукам падаў на зубіла. Гэты чалавек толькі што злез з рыштаванняў. Злез ён самы першы. Да абедзенага перапынку аставалася хвілін дваццаць. Норму