Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/240

Гэта старонка не была вычытаная

знік“. Пасля выявілася, што тэрмін гэтых „трох ці чатырох“ месяцаў быў, можна сказаць, рэальны. Ён скончыўся нават раней. Тады была ўжо восень. Цяпер-жа Наўмыснік стараўся як-небудзь дажыць да гэтага тэрміну.

На рыштаванне ён узлез пад канец працы другое змены, калі кравец недзе мусіць адпачываў. Перад гэтым-жа, удзень, ён з-за дрэваў убачыў краўца на рагу сцяны. Той умуроўваў цэглу. Наўмыснік здзівіўся спрытнасці рук гэтага чалавека. „Паспрабуем, хто лепш муруе“ з нейкай збянтэжанасцю падумаў Наўмыснік.

— Хачу падвучыцца мураваць, — сказаў ён, узлезшы на рыштаванне. — Завод цагельны мусіць скора стане, трэба перакваліфікавацца.

— Дык-жа ты муруеш добра! Якое тут табе перакваліфікаванне! — сказала некалькі муляроў у адзін голас.

— Трэба ўспомніць, даўно не мураваў.

Ён „успамінаў“ мураванне дзён тры ці чатыры. Пасля пачаў прасіцца ў Несцяровіча зняць яго з завода і паставіць сюды. „Я тут больш выраблю, мне трэба грошай сабраць, дачцы даць на дарогу, якая паедзе вучыцца“, — гаварыў ён Несцяровічу.

На пяты дзень зранку мала больш як праз гадзіну работы кравец упаў з рыштавання. І не толькі кравец. Упаў і яшчэ адзін чалавек. Яны разам стаялі на адной дошцы. Дошка была самім краўцом прыбіта да папярочкі. Трэба сказаць наперад, што цвік гэты выцягнуў Наўмыснік. На гэтай-жа дошцы ляжала і цэгла. Нагінаючыся браць яе, Наўмыснік неўзаметку вырваў цвік і абцужкі схаваў назад у кішэню. Злазячы з рыштаванняў, ён адсунуў дошку самым канцом на папярочку. Але дошка не ўпала. Пакуль яе кравец збіў, ту-