паючы ботамі, ён ужо вылажыў высока рог сцяны і прыстроіў вышэй сабе пад ногі новую дошку. Тады, пад вечар, Наўмыснік выцягнуў цвік з самай папярочкі, там, дзе яна была прыбіта да падпоркі. Такім парадкам папярочка адным канцом пакрысе гнулася ўніз і нарэшце з яе слізганулася дошка. Двое людзей упалі. На смерць ніхто не забіўся. На зямлі быў насыпан прывезены жвір, і гэтую акалічнасць Наўмыснік не заўважыў, аднак-жа абое людзей здорава пабіліся. Кравец пабіўся ад таго, што, падаючы, грукаўся аб выступы ніжэйшых папярочак і з размаху шмаргануўся аб дошкі. Ён упаў плячыма і галавой у жвір, але нагою здорава даўся аб тоўсты выступ самай ніжэйшай папярочкі і зламаў нагу. Ён адразу пачаў енчыць, збялеў, худашчавы твар яго неяк адразу яшчэ больш выцягнуўся.
— Забярэце мяне, браткі, адсюль, — ледзьве прагаварыў ён да натоўпу рабочых. — Лячыце мяне, я адзінокі.
— Які ты адзінокі, мы-ж тут! — гукнуў хтосьці ўзбуджаным голасам, з ноткамі азлаблення. — Ты маўчы, то лепш будзе, здаравей.
Кравец заплюшчыў вочы. Дагэтуль яго лічылі працавітым дзіваком і за гэта любілі яго, цяпер убачылі, што ўсялякае дзівацтва скончылася і пачаліся пакуты блізкага чалавека. Праз некалькі хвілін ён быў ужо ў амбулаторыі, а праз гадзіны дзве ён ляжаў у аўтамабілі. Яго везлі ў гарадок, у больніцу. Там ён астаўся ляжаць і правіцца.
Ніхто не падумаў пра Наўмысніка. Несцяровіч, калі думаў пра яго, то не ў сувязі з гэтай справай. Наўмыснік не даваў Несцяровічу праходу, прасіў пусціць яго на пабудову. „Я тут больш выраблю“. Наўмыснік думаў так: калі цяпер адразу пакінуць прасіцца з завода сюды, то могуць