Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/242

Гэта старонка не была вычытаная

падумаць, чаму гэта так раптам адпала ахвота пасля таго, як упаў кравец?

Несцяровіч нарэшце згадзіўся. На Наўмыснікава месца на завод стаў другі чалавек. Наўмыснік пайшоў у муляры. Ён паднімаўся кожны дзень на ўзровень сцяны і кожны раз перад тым, як стаць мураваць, мацаваў нагой дошку пад нагамі: ці моцна, значыцца, трымаецца. „Тут-жа так, абы як зробяць, а тады — бач, якое няшчасце нядаўна з людзьмі адбылося“. Спрабаваў ён нагой дошку так, каб усе гэта заўважылі. Ён быў смел: кравец у гарадской больніцы, а Тварыцкая за кілометраў дзесяць, дзе далей ідзе асушальная магістраль і пачынаюцца тарфяныя распрацоўкі. Так Наўмыснік чакаў „свайго тэрміну“. Дні яму цягнуліся вельмі павольна. Лета здавалася доўгім. Ён прагнуў, каб хутчэй восень. Тады ён думаў зусім расквітацца з усімі гэтымі справамі і зноў стаць тым, кім быў змалку. Што гэта так будзе, ён быў упэўнен. Ён усё зрабіў добра. А лёс яго вырашаць у добры бок іншыя людзі. Уласна кажучы, яго місія цяпер была закончана. Цяпер можна і памураваць, каб не кідалася нікому ў вочы, што ён лазіў на рыштаванне перад няшчасцем з краўцом. „Усё-ж такі варта было-б мець даведку. А раптам пачнуць заўважаць, разведаюць, трэба будзе пайсці адгэтуль, можа куды далёка знікнуць. Праўда, у „тыя дні“ трэба будзе на малы час зноў сюды з‘явіцца, спаткацца, убачыцца, дагаварыцца, перадаць сябе на волю тых людзей“. Аднак-жа лепш за ўсё ён дапускаў думку, што не прыдзецца знікаць адгэтуль. Яму так удавалася! Ён быў распешчаны ўдачамі! Вечарамі ён часам заходзіў да Несцяровіча і ўсё намякаў на даведку: „Увосень я выеду“. „Тады і даведка будзе“. Падоўгу ў Несцяровіча Наўмыснік ніколі не сядзеў. Таму нічога дзіўнага