свой бок. Ён цяпер жыў зноў у той самай хаце, дзе яго ў першы раз убачыў Несцяровіч.
Зося прыходзіла да Славы кожны выходны дзень. Яе вельмі ўразіла няшчасце з краўцом. Яна яго шкадавала і лічыла, што ён зваліўся таму, што не быў здолен да такой работы. Яна не зусім верыла, калі ёй расказвалі, як ён спрытна мураваў. Да самага высвятлення ўсіх гэтых падзей ён уяўляўся ёй, як дзівак, мала практычны і яшчэ менш сталы.
Ірына аднойчы паехала ў гарадок і зайшла ў больніцу. На яе адразу тхнула днямі маленства. Пакутныя вобразы мінулага апанавалі яе. Гэта была больніца тая самая, куды калісьці яна прыходзіла з братам да хворага бацькі і не знайшла яго жывым. Ідучы больнічным дваром, па дарожцы, сярод густой травы, яны думала аб ходзе часу. Краўца яна застала ў карыдоры. У халаце і туфлях, ён глядзеў у акно і вадзіў пальцамі па барадзе. Ён узрадваўся Ірыне:
— Вы ўсе добрыя людзі. Мяне, і то не забываеце.
— А чаму мы вас павінны забываць?
— Мала што вы гаворыце! У вас добрае сэрца… Я думаў, што не выжыву, так мне цяжка было. Я напісаў сыну, каб прыехаў, а ён мне толькі грошай сыпануў — не буду таіцца — сыпануў. А прыехаць, піша, не магу; хачу, а не магу. (знізіў голас да шэпту і падняў угару палец). Ён інжынер там, дзе жалеза з сырца выплаўляюць. Горы там, піша, страх. Не так, як у нас, што поле і ўзгорачкі, а — горы, горы. Я-ж думаў, што я на свеце многа бачыў, ходзячы па людзях і шыючы кажухі. Думаў, што поўсвета прайшоў. Аж, як пагляджу цяпер, то дзе я, сказаць, вельмі быў? Нідзе я не быў і нічога не бачыў. Па сваіх закутках хадзіў і больш нічога. Каб, скажам, ад гэтага няшчасця