Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

памёр, то так, без карысці сабе і людзям. Я прывучваў сына змалку да кажушанага рамяства. Божа мой, які я тады быў дурань. Ён-жа цяпер інжынер. Я яму пісаў усё, што са мной было і што праўлюся і скора з больніцы выйду… А я яго, дурны, да брадзячага кажушніцтва наложваў.

— А што вы маглі інакш зрабіць? Такім жыццём прыціснуты былі.

— О, о гэта праўда. Я зусім не вінават… Ах, ах, як гэта я мог так зваліцца! Хто хоць там на маім месцы рог сцяны дамураваў? Сцены ўжо мусіць дамуравалі?

— Дамуравалі. Наўмыснік там мураваў.

— Наўмыснік? Ён маю хату быў раскідаў. Ён нейкую злосць на мяне мае, мяне зусім не ведаючы. Хоць-бы паглядзець, што там за Наўмыснік? Я-такі скора выпішуся. Прызнацца — то нудна мне тут. Каб хіба работу якую мець, каб калупацца над чым.

З‘явіўся ён з больніцы праз паўтара месяцы пасля няшчасця. Быў ветраны і хмурны дзень. Ён ехаў у кабінцы грузавога аўтамабіля поруч з шоферам. Ён раздумваў: „Цяпер я вярнуся. Дзе буду жыць? Кватэра напэўна кім-небудзь занята, вядома, не свая. Можа ўспомняць, што я стаяў на рабоце, калі скалечыўся, а можа ўжо і забылі. Ірына мяне даведалася, бо ў яе добрае сэрца. А ўсе? Як са мной спачатку Несцяровіч быў абышоўся, калі я толькі яшчэ на работу збіраўся станавіцца? Ён вельмі грозна са мной гаварыў. А былы-ж сусед! То што ад усіх хацець!“

— Што кажаце? — запытаў шофер, пачуўшы краўцова мармытанне.

— Нічога, сам з сабой развагу маю.

Машына стала кілометраў за два ад пабудовы забіраць нейкую паклажу. Кравец пайшоў пешкі.