Яму нават прыемна было размяцца, нага была ўжо зусім здаровая. Пасля такой вялікай ляжні ў больніцы ён як-бы варочаўся нанава ў свет таго, з чым зжыўся за жыццё. Галава яго была як у тумане. Ён так забыўся на ўсё, што быў апанаван ілюзіяй: быццам гэта ён звычайна сабе варочаецца дадому пасля шыцця кажухоў па людзях. Зараз адчыніць сваю старэнькую хату, пабядуе, што цяжка жыць на свеце, хлопец пачне гаварыць, што ў яго няма ботаў, дзяўчына пачне плакаць, што няма вопраткі. Ён дастане заробленыя грошы, палічыць, пачне рахаваць — не хапае на боты сыну і на вопратку дачцэ. Можна сказаць, што заўсёды так спатыкала яго свая хата.
З Цецераўскай грэблі ён пачаў падымацца на ўзгорак. Грэбля прэла і гніла. „Па ёй цяпер не ездзяць, на заняпад пайшла“. Так думаў ён, не маючы ў гэты момант ад гэтага факту ні радасці, ні суму. Ён проста адзначыў факт. За чвертку кілометра ад грэблі, цераз асушаны кавалак балота, глядзеў высокі насып, і ляжала дробнае каменне. Зараз тут будзе шасейная дарога. Падняўшыся на ўзгорак, ён спыніўся і астаўся так стаяць. Перад ім нечакана разгарнулася панарама. Ён, перад тым, як акінуць яе вокам, пачаў перабіраць дэталі. Перш за ўсё — зусім блізка ад яго было тое, што як быццам-бы не належала да ўсёй карціны. Гэта было ні што іншае, як густы зараснік чортапалоху і лебяды. Некалькі сытых канаплін узвышалася над усім гэтым упартым зборышчам. Вераб‘і аж кішэлі навакол. Гэта было месца, дзе калісьці стаяла яго хата. „Пачакай-жа… ага… ну, вядома. Сын абуты і дачка адзетая… Пра што я думаю! Сын інжынер, а дачка доктар. І без майго старання ўсё так пайшло, жыццё скрозь так вышла“. Ён глянуў далей. Корпус электрастанцыі быў ужо