Наадварот, поп быў пачынальнікам усёй справы і сам паракамендаваў на пасаду галавы прадпрыемства Седаса. Седас па вушы ўвайшоў у справу, ён кінуўся ў новую дзейнасць. Ён сам з‘явіўся да папа і меў з ім доўгую гутарку. Пайшчыкаў больш не запісалася, але яны і не патрэбны былі: прынамсі кожная драбяза не замінала пад нагамі. Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, „кааператыў“ шырылася вельмі ўдала. Разам з іншымі гарадскімі таварамі, якія ўвішны Седас ухітраўся аднекуль даставаць, там прадаваліся Скуратовічавы мёд і сала.
Але адбылася другая рэволюцыя, і прадпрыемства пайшло дагары нагамі, а ўсе ўдзельнікі яго пашыліся ў свае норы, як рудыя мышы. Як прышлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Сын Анатоль уцёк з Чырвонай арміі дадому, і гэта давяршыла радасную сямейную ўрачыстасць. І навакол усё пайшло інакш. Седас зрабіўся вялікім чалавекам. Перш за ўсё ён ужо сам стаў кіраўніком панскага маёнтка. Гаварылі, што пан яму падараваў зямлі, і ён мае намер завесці ўласную дамоўку, чакае толькі, калі ўсталюецца непарушны парадак (як будзе скончана вайна з большэвікамі). Пасля — ён стаў як-бы нейкім начальнікам. Адзін раз вясковы чалавек сказаў на рынку пра Седаса, што „наўрад ці можна дзе яшчэ знайсці такога панскага падбрэхача“. То не паспеў той чалавек з‘явіцца дадому, як паліцыянт тут-жа яго схвастаў нагайкай і заявіў, што не кожнага дазволена абзываць падбрахачом. З паліцыянтаўскага пастэрунку Седас і не вылазіў. Наводзіў ён паліцыянтаў на кожнага, калі дзе хто якое не зусім трывалае слова скажа. Седас уеўся людзям у косці так, што (гэта было ўжо цяпер, за некалькі дзён да спаткання Кандрата Назарэўскага з Скуратовічам)