— Можа і так. Мы, бачыш, стараемся дазнацца, хто цябе ў такое няшчасце пхнуў… Гэта добра, што так лёгка абышлося.
— Дай-жа рады. Магло быць горш.
— Як ты з работай думаеш?
— Думаю заўтра ісці. Як там з муляркай, ёсць яшчэ?
— Колькі хочаш.
— Заўтра пайду.
— А ўвечары прыходзь да мяне, чай будзем піць.
— Дзіва што прыду, што мне цэлы вечар рабіць.
Кравец сапраўды адчуў, што яму трэба куды-небудзь выходзіць з дому, яго пацягнула на людзі, ён неахвотна сядзеў адзін дома. Прышоўшы назаўтра з работы, ён гадзін дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. За поўгадзіны да-захаду сонца ён пайшоў да Несцяровіча піць чай.
Несцяровіч даўно яго чакаў і быў не адзін. У той дзень знайшоў на пабудове Наўмысніка і сказаў яму:
— Зайдзі пад вечар, калі хочаш, дам даведку. Праўда, дачку трэба вучыць.
Наўмыснік не паверыў у шчырасць гэтых слоў і нейкі час раздумваў: што адказаць і як зрабіць. Ён адчуваў свой промах: з-за гэтай даведкі на яго пазіралі коса, чуючы за ёй штосьці іншае. Лепш было-б гэтай даведкі не браць і тады не ўспамінаць пра яе. Але ўжо не ўзяць яе — таксама будуць думаць аб такім яго раптоўным павароце думак. Праўда, даведку ўсё-ж такі варта было-б такую мець. „Паглядзім, як там будзе, як выявіцца з гаворкі. Схадзіць да яго трэба, каб нічога не думаў“. І ён адказаў:
— Я, прызнацца, перадумаў. І праўда, хіба дачка