Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/255

Гэта старонка не была вычытаная

гаварыў-бы бесперапынна „братачка, што гэта на свеце робіцца“. Цяпер кравец прывык да нечаканасцей: стаяла адвеку хата — яе раскідалі, быў ён век краўцом — цяпер стаў мулярам, раней тут векавалі цецераўскія грэблі і пятрэлі на сонцы дзве хаты, цяпер робіцца нешта небывалае: вузкакалейная чыгунка, шасейная дарога, карпусы муроў і ўсё кіпіць ад рабочых людзей. Сам ён, калі хадзіў па свеце, мала калі бывае, нагу абмуляе — так усцілаў боты саламянымі вусцілкамі, а гэта зваліўся з высокай сцяны і думаў — каб як хаця выжыць на свеце. Думаў, што сын будзе брадзячы кравец, а дачка пойдзе замуж за якога-небудзь гантарніка і будзе дамешваць у кару купленай мукі, аж — сын інжынер, а дачка — доктар. Свет стаў інакшы, і кравец страціў здольнасць усяму здзіўляцца.

Ён спачатку быў памкнуўся падаць Сцепуржынскаму руку, а пасля раптам адступіў крок назад і ўзвысіў голас. У гэты момант у яго запрацавала зусім ясная і вельмі лагічная думка: „то гэта, значыцца, от хто раскідаў маю хату. Чорт яе бяры гэтую ламачыну, але нашто ён гэта рабіў? Калі я шыў у яго кажухі, то расказваў адкуль родам, расказваў пра ўсю мясцовасць і пра ўсіх тутэйшых людзей. Ён ведаў, што я адгэтуль родам і што тут пустуе апошнім часам мая хата. Ён баяўся, каб я яго не пазнаў, калі сюды з‘яўлюся? А калі не будзе хаты, то, значыцца, з‘яўлюся і, не маючы прытулку, зноў адгэтуль падамся?“

— Брэшаш, — закрычаў кравец. — Я тут прытулак знайшоў такі, пра які ніколі раней і не сніў!

— Які прытулак? — прагаварыў Несцяровіч, бачачы, што кравец, сказаўшы гэта, змоўк з выглядам чалавека, упэўненага ў тым, што ён усё сказаў і ўсім гэта ясна.