Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

— Я-ж сказаў пра ўсё.

— Можа гэта ты думаў, а не сказаў.

— Можа і думаў. Я-ж кажу.

І кравец пераказаў усе свае нядаўныя думкі. Несцяровіч бачыў, што гэты чалавек гаворыць вельмі смела і адкрыта, не аглядаючыся назад. Сцепуржынскі ўжо даўно не сядзеў; ён стаяў, упёршыся плячыма ў шафу, Сцепуржынскі быў белы, як палатно. Несцяровіч накіраваў краўцову гаворку:

— Можа ты памыліўся. Гэта-ж Наўмыснік, а не Сцепуржынскі.

Страшная цікаўнасць свяцілася ў Несцяровічавых вачах.

— То значыцца ён змяніў прозвішча. Бо ён кулак. Я ў яго шыў кажухі, то бачыў. Хаты мне не шкода, але нашто ты мяне з рыштавання скінуў?

— Я цябе скідаў з рыштавання?

Вядома, тут выразных доказаў не было, але маглі быць верагодныя здогадкі. Раптам і краўца і Сцепуржынскага здзівіў тон Несцяровічавых слоў:

— Ведаеш што (глянуў на краўца), тут можа быць так: ты пазнаў чалавека, чалавек быў кулак. Мы ўсё гэта разбяром. Але гэты кулак нам не шкодзіў. Наадварот, ён ударнік. Мы кідацца карыснымі людзьмі не можам. А наконт рыштавання — то гэта трэба мець доказы, а гаварыць так… Мы праверым, паглядзім, пастараемся знайсці факты. („Хітруе ці шчыра гаворыць“ — думаў Сцепуржынскі.) Калі будуць факты, то ясна, што цацкацца не будзем і пастараемся разабраць, нашто гэта было зроблена. Вы пасядзіце хвілінку, я скажу, каб чай падагрэлі.

— Маня! — гукнуў ён жонцы. — Падагрэй нам чай.

І, хапіўшы чайнік, ён шпарка вышаў у кухню. Мейш як праз хвіліну ён вярнуўся.