— Зараз будзе чай.
Сцепуржынскі ўжо сядзеў на сваім ранейшым месцы, стараючыся выглядаць спакойна.
— Ну, то што цяпер будзеце са мной рабіць? — сказаў ён паважна.
— Я, здаецца, ясна гаварыў.
— Гэта што ты гаварыў… Гаворка-гаворкай, а я калісьці быў кулак. (Тут ён павысіў голас і ўстаў з месца.) Але ніхто супроць мяне не скажа слова, што я не вырваў у сябе кулацтва. Што было, тое прайшло. Я жыў заможна, але я совецкай уладзе не шкодзіў. Я спрыяў ёй. А цяпер — ты бачыш маю работу тут. Я ўдарнік і брыгадзір, і мая работа відна. А што ты на мяне страшнае слова сказаў, што я цябе з рыштавання скінуў, то давядзі фактамі гэтую жудасць, якую ты на мяне вернеш. Ты словамі на вецер не раскідайся, за гэта адказваюць.
Кравец штосьці хацеў сказаць, але Несцяровіч перабіў яго:
— Ты маўчы і нікому пра гэта не гавары, каб не было ніякіх гаворак. Трэба даць чалавеку спакойна працаваць. (Глянуў на Сцепуржынскага.) А як цяпер ужо цябе называць — Наўмыснік ці Сцепуржынскі?
Несцяровіч смяяўся, Сцепуржынскі маўчаў нейкі час, пакуль адказаў:
— Я ўжо даўно Наўмыснік, такім і хачу быць.
— Добра. (Глянуў на краўца.) А табе яшчэ раз кажу — маўчы і працуй сабе на здароўе. (Паглядзеў на гадзіннік.) Ну, давайце, таварышы, спаць, заўтра ўсім-жа нам рана на працу ўставаць.
Наўмыснік і кравец пайшлі. Несцяровіч вышаў за імі. Ён астаўся стаяць на ганку, гледзячы на гэтых двух чалавек. Ён бачыў момант іх развітання.