Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, бывай, — сказаў кравец даволі ветліва.

— Дабранач, — хмурна кінуў Наўмыснік.

Яны разышліся кожны ў свой бок. Несцяровіч думаў аб слабавольнай краўцовай натуры: вельмі лёгка падаецца чужой волі, адразу быў узгарэўся, а як пачуў слова, што няма нічога страшнага ў тым, што Наўмыснік ёсць Сцепуржынскі, — адразу змякчэў і нават развітаўся з ім па-чалавечы. Несцяровіч сам сабе ўсміхнуўся. Ён бачыў, як Наўмыснікава постаць пацяглася да хаты. Несцяровіч вярнуўся ў пакой, узяў тэлефонную трубку, сказаў упаўнаважанаму па ахове будаўніцтва:

— Вельмі можа быць, што Наўмыснік неўзабаве захоча зусім адсюль знікнуць.

Павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель.

Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Больш таго, ён нават забывацца пачаў на гэтае здарэнне. І гэтаму спрыяла тое, што Несцяровіч адным сваім словам пераканаў яго ў тым, што тут нічога асаблівага няма. Толькі адзін раз кравец не вытрымаў і загаварыў пра гэта, але толькі з той прычыны, што справа павінна быць цікавая сама па сабе для Наўмыснікавых землякоў. Кравец расказаў пра гэта Зосі Тварыцкай. Гэта было ў выходны дзень. Зося Тварыцкая прышла, як і заўсёды, да Славы. Яна прышла зранку і застала Славу ў яслях. Слава кінулася да Зосі на рукі, сціснула яе за шыю рукамі, зарагатала, тузалася, выцягвала з Зосіных валасоў грабяні і ўсё гаварыла.

— Мама, я цябе от так люблю, от так моцна.

— І я цябе, Славачка, люблю, — адказвала кожны раз Зося.

— Мама, сёння зноў выходны дзень, што ты прышла? Ты цэлы дзень будзеш са мной?