— Дзіва што я раскажу Несцяровічу!
Такім парадкам у той дзень у Несцяровічавых думках пра Наўмысніка заняла месца яшчэ новая дэталь. У той-жа вечар ён пра гэтае гаварыў з упаўнаважаным аховы будаўніцтва. Хоць выразных доказаў не было, але Наўмыснік пачынаў рабіцца тым пунктам, навакол якога хадзілі думкі нават і тых людзей, якія ў свой час вялі следства той справы, з-за якой пайшоў пад суд Міхал Тварыцкі.
Сам-жа Наўмыснік у гэтыя часы быў вельмі трывожны. Хоць ён і спакойна хадзіў сабе кожны дзень на работу, аднак з вялікай трывогай думаў пра тое, што ўжо ведаюць яго сапраўднае прозвішча. А значыцца, чаму-б ім не дагадвацца пра тую справу, у якую ён быў умешан і завяршэння якой ён так чакаў. Ён кожны дзень адрываў лісток з адрыўнога календара і пакутна адчуваў, як павольна цягнуцца дні. На восень гэтую Наўмыснік вельмі спадзяваўся. Цяпер ён прагнуў аднаго: дабыць тут спакойна.
Ён прыглядаўся і прыслухоўваўся да ўсяго, што рабілася на будаўніцтве. Трэба сказаць, што ён мог наперад шмат што бачыць па ходу будаўніцтва. Так, напрыклад, ён за тыдняў тры наперад сам бачыў, што зараз на будаўніцтве спатрэбіцца на нейкі час новая партыя рабочых, чалавек так пад сто. Бо работа скрозь яшчэ ішла тая самая, а пачалі будаваць яшчэ два дамы і ўсе вольныя муляры апынуліся там. А тымчасам была яшчэ непачатая апрацоўка саміх карпусоў станцыі і гатовых дамоў у сярэдзіне. Будынак станцыі трэба было падрыхтаваць да ўстаноўкі машын. Цяпер сюды спатрэбяцца зараз манцёры і механікі. А з восені павінна была пачацца работа над другой чаргой электрастанцыі.