— У Пракудовічы з нашай стараны дзеўка была замуж пайшла.
— За каго гэта, можа я ведаю.
— Чорт яго, я і сам не ведаю. Нейкі Цыбулевіч, здаецца.
— Мусіць, Цыбульскі, у нашым баку Цыбульскіх некалькі хат ёсць.
— Можа і Цыбульскі, клопат там.
— Цыбульскі — то нават у мяне дзядзька ёсць, па мацеры, мацерын брат. Бо сам-то я па бацьку Чарпакевіч.
— От-жа бачыш, хэ-хэ!
Было адразу відаць, што Наўмыснік смяецца з каравага дурня, які ліха ведае нашто нейкага свайго дзядзьку ўспомніў, сам адракамендаваўся. Які яго чорт пытаў! Назаўтра, як ішоў Наўмыснік з работы, каля таго-ж месца трапіўся яму на дарозе той усё самы чалавек, з самакруткаю ў губах. Наўмыснік прыпыніўся прыкурнуць і шапнуў:
— Ка мне ў хату не можна, ведаюць, што я Сцепуржынскі.
— Сукін ты сын, калі так, — адказаў чалавек. — Не мог вытрымаць, каб цябе не пазналі.
— Я ўжо другі год, можна сказаць, кожны выходны дзень на паляванне хаджу. Да гэтага прывыклі. Заўтра выходны дзень. Будзь у драчым алешніку.
І пайшоў Наўмыснік, а чалавек сціснуў кулак у кішэні, злосна зірнуўшы ўслед Наўмысніку. Назаўтра ён спаткаўся з Наўмыснікам у алешніку, і адразу паміж імі ўсталявалася злосць аднаго на другога. Так злосна яны і гаварылі адзін з адным. Чарпакевіч сказаў Наўмысніку так:
— Ты думаеш табе гэта жарты?
— Не думай ты, што я такі дурань.
— А якраз так і думаю. За тое, што цябе рас-