ўсёды мог трымаць сябе спакойна. Чарпакевіч адразу выяўляў сваю гарачую натуру. Ён увесь час стаяў, сціснуўшы кулакі і плюючы ў куст. Ён не даў Наўмысніку скончыць гаварыць:
— Такая гаворка была са мной, калі я той раз прыходзіў. Але цяпер іншыя справы. Я-ж табе кажу, дурань ты, што аварыя для іх ужо не страх. Аставайся тут і чакай наказу, каго тут звесці са свету. Толькі пасля гэтага цябе або я або хто іншы правядзе туды пацалаваць Хурсу ў руку за падараваны хутар.
— Я яго заслужыў ужо і цяпер?
— Не кажу, — заслужыў, але замест ранейшай аварыі з машынаю, зробіш аварыю з чалавекам. Гэта будзе завяршэнне тваёй службы.
— Дай пісьмовую ўмову.
— А каму ты яе пакажаш. У суд падасі?
— Гадзіна ты! Я і так многа зрабіў. У мяне цэлыя кучы матэрыялаў сабрана мной.
— Давай іх сюды.
— І сам з табой пайду адгэтуль.
— Ты яшчэ астанешся тут. І яшчэ, я забыў табе сказаць, падшукаеш тут на сваё месца надзейнага чалавека.
Наўмыснік адумаўся: ён ніколі не траціў спакойнай вытрыманасці, а цяпер так растрывожыўся і разнерваваўся. І ён прымусіў сябе паспакайнець. Ён цвёрда глянуў на Чарпакевіча?
— Нікога я тут не магу на сваё месца паставіць. Прышлі сам чалавека. А аставацца тут больш я не магу. Што я тут магу зрабіць, калі я ўжо не Наўмыснік.
— А чаму ты не хаваўся да канца?
— Я рабіў усё, што мог, каб як цябе гэты раз прычакаць. Краўцову хату раскідаў, каб ён не жыў тут і не пазнаў мяне. А ён астаўся тут.