— О так, гавары спакойна, а не пстрыкай губамі. Так можа да чаго і дагаворымся.
— Мы пойдзем цяпер адсюль з табой разам. І аж туды.
— Гэта не так лёгка, у цябе дзве дачкі.
— А тады, як гаварылі, у мяне дачок не было?
— Нічога, перапраўлю цябе туды, толькі астанься на месяц, пакуль новы чалавек…
— Не астануся.
— Ну добра. Калі ты мне дасі матэрыялы?
— А мы іх панясем удвух.
— Удвух?! Ну добра. І там ты ніякага хутара не будзеш мець.
— Хурс маю работу ацэніць.
— Перш за ўсё павінен ацаніць тваю работу я, а тады ўжо Хурс.
— Пакуль да бога, дык чорт душу выме.
— Пакуль да Хурса, дык я над табою начальнік. Або ты аддасі мне зараз-жа матэрыялы, або…
— Або мы панясем і перадамс матэрыялы ўдвух, або я адзін і тады…
Тут Наўмыснік зрабіў доўгую паузу. Ён думаў. Ён шукаў слова, якім-бы ўкалоць Чарпакевіча. А той разануў Наўмыснікава вуха:
— Добра. Я пайду без матэрыялаў, скажу, што ты нічога тут не зрабіў. А сам без мяне ты туды не перабярэшся.
— Перабяруся і скажу, што ты забіў найлепшага работніка!
— Каго? — уставіўся Чарпакевіч вачыма ў Наўмысніка.
— Седаса. От каго!
Трэба сказаць, што Наўмыснік не чакаў такога эфекта. Ён гэта сказаў наўдагад, сам у гэта не верачы. За што Чарпакевіч будзе забіваць Седаса? Наадварот, ён яго заўсёды павінен быў-бы бара-