Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/272

Гэта старонка не была вычытаная

ніць і ратаваць. Наўмыснік дагадваўся ўвесь час, чуючы адтуль весткі, што раз забіты быў падобен да Седаса, то, значыцца, гэта быў Седас. Найбольш ён так думаў: яны неслі забраныя з банка грошы і мусіць якія-небудзь грабежнікі напалі ўночы на іх і забілі Седаса. А Чарпакевіч з грашыма здолеў уцячы, будучы здаровым і маладым. Цяпер ён кальнуў Чарпакевіча гэтым словам, так мяркуючы: чым ён там, скажам Хурсу, давядзе, што гэта не ён яго забіў? Аж тут вышаў страшэнны эфект: Наўмыснік бачыў, як пасля яго слова Чарлакевіч раптам пабялеў, але гэта было толькі на адзін момант. Далей ужо Чарпакевіч трымаў Наўмысніка за каўнер і цягнуў так, што Наўмысніку было цяжка дыхаць. Наўмыснік так пхануў ад сябе Чарпакевіча, што той адарваўся і хістануўся. Чарпакевіч устояў, і губы яго хадзілі ў бакі.

— Значыцца, ты яго забіў!? — прашаптаў Наўмыснік.

Слова „значыцца“ навяло Чарпакевіча на думку: мусіць толькі здагадваецца, Наўмыснік-жа думаў: калі і не ён забіў, то буду гаварыць яму, што ён. Няхай давядзе. А не давядзе — то можа мякчэйшы зробіцца. Чарпакевіч узяў такую тактыку: высмаркаўся і дастаў з кішэні сігарэтку. Наўмысніку не даў. Курыў, пасля плюнуў у бок.

— Цьфу! Брэша ён, сабака, дурань. Такімі словамі не кідаюцца.

— Я і не кідаюся, Я гавару праўду.

— А ну, давядзі гэтую сваю праўду.

„Злуе, мусіць нешта тут ёсць“ — падумаў Наўмыснік.

— От што, — сказаў ён. — Я ведаю. Ёсць чалавек, які бачыў, ён маўчыць, як магіла. Але можа загаварыць.