— Дзе гэты чалавек?
— Ён там.
— Хто ён?
— Ты хочаш, каб я табе сказаў?
Пра „чалавека“ Наўмыснік выдумаў, але гэтым узяў пад сваю ўладу Чарпакевіча. Чарпакевіч, праўда, трымаўся, але ў гэтым трыманні было штосьці такое, ад чаго Наўмыснік цвёрда думаў: „Забіў Седаса ты!“
З гэтай прычыны яны паміж сабою ніяк не маглі дагаварыцца. Наўмыснік не даваў матэрыялаў, а таму было важна забраць матэрыялы і пакінуць тут на нейкі час Наўмысніка, пакуль яго не зменіць хто-небудзь іншы. Так было яму сказана. Наўмыснік усё больш і больш забіраў Чарпакевіча пад сваю ўладу. Сонца рушыла з паўдня, калі яны пачалі гаварыць спакойна. Толькі часамі ў гаворцы выбухала ўспышка злосці, але гэта было не часта.
Трэба сказаць, што, разгаварыўшыся, паспакайнеўшы, яны пачалі адчуваць самі сябе вельмі блізкімі адзін да аднаго людзьмі. Як-ні-як, а яны былі абодва ў чужой ім краіне, дзе людзі думаюць інакш, дзе думкі нават самых адсталых, цёмных, несвядомых людзей за апошнія гады пайшлі ў іншы бок; дзе нават самыя закаранелыя пачуцці старога свету ў канкрэтных людскіх асобах пачалі ператварацца ў іншую якасць і нават даходзіць да сваёй супроцьлегласці. Гэта было, і гэта Наўмыснік сам бачыў, Тымчасам ён пранёс праз увесь гэты час свае ідэалы, — быць зноў такім, якім быў раней. У гэтыя хвіліны, калі ён пачаў спакойна гаварыць з Чарпакевічам, ён вельмі востра адчуваў сябе ў абкружэнні варожага сабе свету. Чарпакевіч таксама не быў спакойны. Менш за ўсё, у параўнанні з усім іншым, яго