трывожыў Наўмыснік. Ён усё-ж адчуваў сябе далёка, вельмі больш як за сотню вёрст, ад той тэрыторыі, дзе ён вольна хадзіў па зямлі. Тут ён, перад тварам Наўмысніка, быў як на маленькай выспе, навакол якое кіпіць бурлівая хваля. Таму так і было, што і Наўмыснік, і Чарпакевіч пасля сваёй неспакойнай і злоснай гаворкі адзін з адным пачулі сябе так, што можна ім пагаварыць і па-таварыску, стварыўшы навакол сябе нават атмасферу інтымнасці (праўда, не да канца, а ў пэўных памерах, хітруючы адзін перад адным). Элементы гэтай хітрасці можна бачыць хоць-бы з таго запытання, якое даў Наўмыснік Чарпакевічу і з якога пачалася гэтая іхняя інтымная гутарка. Наўмыснік сказаў так:
— Я з самага пачатку ведаў, хто забіў Седаса. Але што мне да гэтага! Я сваю справу ведаў і ёю займаўся. Але часамі думаў сабе так: усё-ж калі падумаць, то прычыны сапраўднай і не было яго забіваць.
— Я яго і не забіваў, хочучы яго забіць. Я толькі вышаў з цярплівасці і даў яму нейкай ламачынай, якую хапіў з-пад ног на дарозе. Ён хапіў мяне за галаву, за шыю, трос, як вар‘ят стаў, крычаць на мяне пачаў, а ты ведаеш, што значыць тады было, калі крычыць хто! Гэта значыцца папасці на мой і на яго самога след. Што мне іначай было рабіць! Я хапіў ламачыну, і то гэта было пасля таго, як ён хапіў мяне за горла. Я даў і якраз па галаве каля вуха. Ён адразу ўпаў і духу не ўказаў. Я зацягнуў яго з дарогі і спусціў уніз да ручаіны. Прызнацца, я ледзьве стаяў на нагах, такі быў змораны. Я зняў з Седаса тую частку грошай, якую ён нёс, і далучыў да сваіх. Стала вельмі цяжка зморанаму, стомленаму. Я-такі здорава павалтузіўся з гэтым дурным старым.