Я ўспомніў мясцовасць, лес, сцежкі. Усё асталося на месцы з тых часоў, калі апошні час я тут прайшоў. Пачало світаць. Я мог зваліцца з ног. Я сеў на нізкі сук нейкага дрэва. Ён абламаўся. Я так і астаўся сядзець на зямлі, пасля лёг, падклаўшы грошы пад галаву, нагробшы пад сябе моху. Я так праляжаў цэлы дзень і толькі трохі забраў з сабой грошай, каб паказаць, што я зрабіў справу. Мне было ісці яшчэ далёка, а спяшаць трэба было. І дарога воўчая. Цераз два дні я ўжо быў па той бок.
— А цяпер скажы ад душы — памятаеш, калі ты зусім адсюль адыходзіў, тады даўно, то два дні сядзеў у мяне ў хаце, пакуль зусім знікнуць. Ты думаў, што ўжо больш сюды не вернешся? То чаго ты два дні чакаў у мяне? І каго ты ці чаго выглядаў з лесу, калі можна было проста ўзяць ды пайсці ў твой бок, дарога была вольная, я толькі бачыў і гаварыў табе, што каля хутара падпільноўваюць цябе. Чаго ты выглядаў, скажы?
Чарпакевіч уздыхнуў. Пасля сказаў:
— Ты — сукін сын. Ты як мяне стрэў ў гэтыя дні, і сёння ў гэтым месцы? Ты чорт ведае як трымаеш сябе са мной. А нам трэба абодвум трымацца блізка, разам.
— А я што гавару, я тое самае…
„Яшчэ пагавару з ім па шчырасці і можа аддасць матэрыялы. Што мне за інтэрас выдумляць і хлусіць яму“. Так думаў Чарпакевіч. І ён сказаў:
— З-за таго самага і была справа з Седасам. Гэты стары зусім быў страціў розум. Я-такі спачатку падумаў быў, калі яго са мной пасылалі сюды, што тут нешта не так — такога старога пасылаюць у цяжкую дарогу, у нямаведама якія прыгоды. Сядзеў-бы ты, думаю сабе, на месцы аціраўся-б каля паноў, вынюхваў-бы на месцы