большэвіцкі дух у мужыкоў і гаварыў каму належыць. Дык не, у дарогу пусціўся. Аж пасля мне стала ясна, што ён сам нешта з поўгода прасіў, каб яго паслалі сюды. Лягчэй такім парадкам прайсці, дарогу пакажуць. А яму трэба было. Вышла, што мне таксама трэба ў тое самае месца і з такога самага інтарэсу. Скажу табе проста. Мой бацька паказаў быў мне, калі я сядзеў у лесе і прыходзіў к яму, месца пад нашай дзічкай на полі. У гэтым месцы, сказаў ён, я заўтра закапаю золата. Повен гаршчок. Гэтая штука ніколі ў крыўду не папусціць. Усё можна занядбаць, а гэтага трымайся і не пускай з рук.
— Праўда, — узгарэўся Наўмыснік.
— Гэтага я і выглядаў з лесу, калі мяне атрад Назарэўскага гнаў к самай граніцы. Я тады ў цябе затрымаўся і ўсё чакаў зручнага моманту, каб адкапаць гаршчок і тады — смела сабе ідзі, куды хочаш. Можа я тады зусім сюды ні разу не прыходзіў-бы. Я думаў так: адчыню вялікі гандаль або маёнтак арандаваць буду. Аж гаршчок забраць мне не ўдалося, ты сам паведамляў усё мне, што там пільнуюць чырвонаармейцы. Прышлося ісці так. Што вышла? Я там абіваю парогі чые хочаце, нават самага апошняга арандатара, а тут золата, бацькава кроў, закапана. Я пайшоў к Хурсу на службу, каб тут пабываць і забраць сваё. Калі са мной тады былі выправілі Седаса, ён мне сказаў так: пад вашай дзічкай закапана маё золата, повен гаршчок. Як мяне, кажа, сяляне гналі адсюль, калі большэвікі находзілі, я не паспеў ні схапіць золата з сабой, ні схаваць яго. Мне, кажа, удалося праскочыць к твайму бацьку і сказаць яму пра гэта. А ён мне адказаў, што ён яго закапаў і сказаў точнае месца, дзе гэта будзе. Так мне сказаў Седас. Нарабіўшы спраў у банку,