Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/277

Гэта старонка не была вычытаная

мы абодва павінны былі прайсці цераз наш хутар і адкапаць кожны свой гаршчок золата. Седасу гэта таксама быў ратунак. Ён стары быў ужо, пан яго, з якім ён адсюль уцёк, там маёнткаў не мае, а такіх, як Седас, там многа, і рабіць ім там цяпер няма чаго. І такія грошы на Седасаву старасць, ды яшчэ можа і на старасць таго самага пана, хто ведае… Бо хоць пан і сядзіць з Хурсам у адной арганізацыі, а ўсё-ж — пранырлівы мільянер Хурс гэта адно, а такі пан — другое. І от прышлі мы з Седасам на наш хутар. Яшчэ не было поўначы. Самое дзічкі няма, дарогі старой хутарскай няма, шырокай мяжы няма, на якой расла дзічка. Месца мы пазналі па пяньку ад дзічкі. Пачалі капаць. Я вельмі добра памятаў тое месца, дзе бацька закапаў гаршчок.

— Цяпер я табе скажу, што ты — сукін сын, — перабіў Наўмыснік. — Ты думаў, што я забяру тваё золата, што не сказаў мне пра гэта, седзячы ў мяне ў хаце.

— Ты пакрыўдзіўся?

— Не, я на чужое рукі не падыму. Ну, гавары далей.

— Я пачаў капаць у тым самым месцы, — пуста, ніякага гаршка. Памыліўся бацька месцам — падумаў я. А Седас бярэ ў мяне рыдлёўку і кажа — адпачні, цяпер я ў сваім месцы капяну. Капянуў і адразу зашаптаў — „о, ёсць, той самы гаршчок, дротам аплецены“. І аж заспяваў „а-а, грошыкі, вылежаліся, вычакаліся мяне“… Я пачаў капаць скрозь каля пня і нічога нідзе не знайшоў. Больш за дзве гадзіны я корпаўся ў зямлі, пачалі ўжо ў вёсках даўно спяваць пеўні, я ўбачыў, што дарэмная работа, грошай няма. Я падумаў так: бацька памыліўся месцам, закапаў там, а Седас цяпер адкапаў. І напэўна, гэта так і было…