— А калі не?
— А як-жа інакш?
— А дзе-ж Седасавы грошы дзеліся?
— Перш за ўсё наш гаршчок таксама быў аплецены, гэта раз. Пасля — мне бацька ні разу не ўспамінаў нават, што ён калі-небудзь закопваў Седасавы грошы. Я так думаў. А той стары, падла, паставіў на пянёчку гаршчок, аж трасецца ўсім тулавам, губамі цмокае і спявае бесперастанку: „грошыкі, вылежаліся, вычакаліся“… От што, сказаў я. Пашукайце сваіх грошай яшчэ, от вам рыдлёўка. — Як гэта так? — абазваўся ён. А я гаршчок з пня сабе ў рукі, пад паху, узваліў на плечы банкаўскія грошы і сказаў яму: я вас пачакаю, а вы шукайце, бо гэтыя грошы не вашы, а мае. Тут ён і пачаў вар‘явацца, Я пайшоў, ён пабег за мной. Мы выбеглі на дарогу, пры лесе над ручаінай… Ведаеш, нам трэба абодвум адгэтуль чым скарэй. Каго-б тут на тваё месца пакінуць?
— Мне тут няма як чакаць таго чалавека.
— Добра, добра, я гэта ведаю. Так мы і зробім; пойдзем разам. У цябе многа матэрыялаў?
— Менш, як тых банкаўскіх грошай, лягчэй будзе несці.
— Адным словам, у маю жыкетку зашыць. Дзе мы гэта зробім? Трэба сёння ўночы. Самае апошняе — гэта заўтра ўночы мы адсюль павінны выйсці.
— Яны ўжо даўно зашыты ў маёй жыкетцы.
— Ну, добра, я яе апрану. Трэба, каб усё гэта было пры мне.
— Чаму, яно можа быць і пры мне.
— Цябе тут ведаюць, мяне не. Мяне там ведаюць, а цябе не.
— Нічога, я з табой буду ісці і тут і там.
— Які ты дурань! Я-ж гэта і гавару. Толькі матэрыялы павінны быць у мяне.