Кандрат Назарэўскі, і ўжо больш не падаваў свайго голаса. А той усё гаварыў, гаварыў без канца, маючы ў гэтай сваёй гаворцы сваю асалоду. Ён гаварыў пра новыя гатункі скарбовага жыта, што ён гэты гатунак ужо і сам ад пана сабе завёў. Што, каб не вайна і рэволюцыя, ён-бы ўжо свой сепаратар меў-бы.
— У мяне малако праз цынтрыфугу, пане мой, праходзіла-б.
— Колькі ў вас парабкаў было да вайны?
— Найбольш два.
— А цяпер?
— А цяпер адно пастушок. Зімою ён у мяне таксама робіць, але за гэта я яму асобна прыплачваю. Бацька яго рад — хоць крыху малы заробіць. Я яго не крыўджу, хлеба даю. Бедната, не дай божа, галодныя і голыя. Сэрца баліць. На полі сын мой робіць. Вучыцца яму вайна не дала. Так давялося яму, небараку, астацца. Перарос зусім, пакуль там якое ўсталяванне… Я думаў Анатоля за доктара выводзіць, ад не вышла. Час такі. Чатыры класі гімназіі прайшоў, і з-за неспакою на свеце прышлося кінуць. У нас мясцовасць добрая — лес смольны, рэчка, хоць невялікая. Каб сын вышаў за доктара — ух, што-б мы тут маглі-б зрабіць! Я мог-бы выбудаваць больніцу сваю ўласную, сын кіраваў-бы ўсім. Фельчары былі-б пры ім…
— Свае, — не вытрымаў Кандрат Назарэўскі.
— А што вы думаеце? Чалавек з галавою мог-бы…
— Гэта-ж можна было абагаціцца, маёнтак справіць!
— Пане мой, дзіва што!
— А вы лепш паганяйце каня, мне трэба скарэй даехаць.