Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/281

Гэта старонка не была вычытаная

ўсе свае ўдачы? Расказваюць, што ён аднойчы на нейкім сакрэтным паседжанні сказаў, што можа яшчэ да смерці не раз прыдзецца перавандроўваць з адной краіны ў другую.

— Чаго?

— Ад рэволюцыі.

— То гэта Хурс. А мы з табой людзі прасцейшыя, меншыя. Пражыў-жа я аж дагэтуль тут.

— Там рэволюцыя калі ўжо будзе, то будзе заядлая. Свет азвярэў, усё калоціцца і трасецца, хоць і здаецца зверху спакойна.

Гэтыя словы пераканалі Наўмысніка. Ён нейкі час маўчаў. Чарпакевіч яго падагнаў:

— Ну, доўга не думаць! Балбатню гэтую я спыняю. Даволі. Гавары, дзе і калі перадасі мне…

— Можа сюды я вечарам падыйду. А не — то можа паехаць на ноч рыбу лавіць. Узяць лодку…

— Добра, вазьмі лодку, К якому месцу падплывеш?

Яны паволі ўсталі і пайшлі. Тымчасам, прайшоўшы крокаў трыста, якраз дайшоўшы да таго месца, дзе канчаліся кусты і пачыналася паляна, куды загіналася рэчка і дзе Чарпакевіч павінен быў на нейкі час астацца, а Наўмыснік паважнай хадой сталага паляўнічага падацца дадому, тут, у гэтым месцы, яны спыніліся, убачыўшы чалавека. Чалавек стаяў на беразе рэчкі, пры самай вадзе. Ён быў босы: нядаўна, відаць, скінутыя з ног боты стаялі каля яго. Яны былі запыленыя і вялікія, з доўгімі халявамі. Боты такія носяць паляўнічыя або меліяратары. Чалавек паволі скідаў з сябе піджак, кінуў на траву шапку, закасваў рукавы. Пасля чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы, пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чарпакевіч бачыў, як Наўмыснік адступіў крок назад,