і нейкі час разглядаў чалавека, увесь трымаючыся за кустом. Пасля Чарпакевіч заўважыў па Наўмыснікавых вачах і твары, што ім апаноўвае ні то здзіўленне, ні то трывога.
— Хто гэта? — запытаў Чарпакевіч.
Наўмыснік спачатку не адказаў. У гэты момант новая трывога кальнула яго. „Трэба сёння-ж адсюль уцякаць. Няхай забірае мяне і вядзе. А дакументаў я яму не дам, бо тады ён можа ад мяне адзін уцячы. З‘явіўся яшчэ адзін чалавек, які мяне ведае. Навакол збіраюцца адусюль… Гэты калі пазнае, калі ўбачыць. То… божа мой, што ён тут робіць?“ Так думаў Наўмыснік і траха не шаптаў, ператвараючы свае думкі ў словы. Ён стаяў і не сыходзіў з месца. Чарпакевіч рвануў яго за рукаў.
„Не аддам яму папераў, няхай ён будзе ў маіх руках, а не я ў яго. Няхай стараецца правесці мяне, ён ведае дарогу“.
Ужо цвёрда дайшоў да гэтай думкі Наўмыснік.
— Хто гэта, чаго ты так глядзіш? — яшчэ раз запытаў Чарпакевіч.
Наўмыснік з дакорам, злосцю і трывогай шапнуў Чарпакевічу ў самае вуха:
— Хто? Ты не пазнаеш?
— Гавары, хто гэта.
— Гэта Міхал Тварыцкі!
— От ён які!?. А ты злуеш, дурань, — не пазнаеш! Ён-жа вырас без мяне! Я-ж яго апошні раз малога бачыў!
3
Міхал Тварыцкі мыўся доўга. Пасля ён сядзеў на траве — абуваўся і курыў. І гледзячы на яго твар, чалавек, здольны да наглядальнасці, мог-бы заўважыць, што ён стараецца перамагчы нейкае сваё хваляванне. Ён ішоў ад рэчкі паволі. Калі