Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/284

Гэта старонка не была вычытаная

— Бачыш, тут так, я нічога не ведаў. Жонка мая тут жыве і працуе. І дзіця тут.

— А ты і не ведаў? От дык штука! Цябе накіроўваюць сюды на працу, адбываць да канца тэрмін, як ударніку даюць два тыдні водпуску да сям‘і, а сям‘я тут-жа, на месцы. А гэты ўдарнічак пешадралам пне туды… Хэ-хэ!

— Чаму пешадралам! Я і на чыгунцы ехаў. А дзе-ж больш нашы?

— Хто дзе. Невадам рыбу папрасіліся лавіць, зранку паехалі, а то ў лесе… Дык кажаш, з‘явіўся дадому, а дом на замку?

— Чаму на замку, там людзі жывуць.

— Жонка хату прадала?

— Не ведаю, я не пытаўся нават. Мне як сказалі, што яны тут, я там доўга і не быў. Там усё не так, як я пакінуў… Колькі цяпер часу можа быць?.. Нешта на дварэ хмурыцца… Дзе тут вады ўзяць, пабрыцца трэба.

Міхал Тварыцкі сеў за столік брыцца, Яго таварыш выцягнуў з-пад падушкі нейкую кніжку і пачаў чытаць. Нішто не парушала цішыні. Міхал Тварыцкі бесперапынна стрымліваў сваё хваляванне. Ён даўно не бачыў ні Славы, ні Зосі. Можна сказаць, што нянавісць да Зосі к гэтаму часу ў яго скончылася. Пакуль што ў ім жылі цяпер два пачуцці ў дачыненні да яе: сорам перад ёй і нічым неабгрунтаваная крыўда, што яна яго не пашкадавала тады. Гэта было цяпер у яго душы. З першага-ж дня пасля суда, як толькі яго адаслалі на месца, ён узяўся за работу, маючы ў ёй сваю найвялікшую асалоду і, такім парадкам, душачы свой чорны настрой, ён працаваў бесперапынна, заўзята ўдасканальваючыся на кожнай новай рабоце. Такім парадкам ён зрабіўся майстрам у некалькіх спецыяльнасцях. Калі яго пачалі ста-