Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

па дарозе было яшчэ відна, то пад ельнікам ужо гусціўся змрок. На самую дарогу яны не вышлі, толькі адзін з іх лёг на мох за другім ад дарогі кустом. Ім проста карцела ўбачыць, ці выедзе і калі з хутара „прадразвёрстны камісар“.

Тымчасам з боку хутара ўсё было ціха. Ніхто адтуль не ехаў і не ішоў, хоць там і не было спакойна. Гадзін за дзве да праезду камісара і чырвонаармейцаў пачалася звычайная ў гэтыя дні згрызота. Праўдзівей кажучы, „грызлася“ толька сама Скуратовічыха. Зося толькі слухала, і найбольш маўчала. Яна нядаўна вярнулася на хутар. Скуратовічыха так гаварыла:

— Трэба-ж мець розум! Як гэта можна, ты-ж не малая! Як-жа гэта так угаварыцца, што адразу расказаць усё! Ты сама кажаш, што ў цябе гэта ненаўмысля вышла, дык трэба-ж думаць, што гаварыць. Ведай, што робіш! Калі мы ўхавалі-б каня ў лесе, дык табе ад гэтага бяда была-б, ці што?

Скуратовічыха старалася гаварыць спакойна, але праз яе стараннасць часта выходзіла наверх злосць і нянавісць.

— Ты можа думаеш, што я так сабе гавару? Дык памяркуй — што мы табе кепскае зрабілі? Мы цераз сілу хіба прыціскаем з работаю? Ты наша, хоць і далёкая, але сваячка. А калі што і цяжкавата прыдзецца на работу, то няўжо-ж не робячы жыць? Чалавек хоча жыць, то павінен і рабіць! Калі што якое, то я табе і слова не скажу. Ты тады, пасля таго здарэння з коньмі, пабегла дадому. То ты думаеш, я не ведаю, што ты з-пад абруса ўзяла сала? Ты думаеш ад мяне ўхаваешся?! Ты хочаш быць дома, у нас не рабіць і ў нас есці? Такіх многа знойдзецца! Цераз цябе ведалі, што коні нашы дома. Ведаюць, што Толік быў з імі ў лесе. От што ты нам нарабіла, гадаўка ты!