цягнуўся як надалей, каб так было тут ціха і каб ніхто сюды не прыходзіў.
Больш за поўгадзіны прайшло, пакуль яна падаіла каровы і пакуль пастушок пагнаў іх у поле.
— Ты ведаеш, на каго сабакі нядаўна брахалі? — сказаў пастушок да Зосі, выходзячы следам за кароўмі з хлява. — Большэвікі прыехалі развёрстку браць. Пытаюцца, дзе леташняе збожжа схавана. От цікава, ці знойдуць, ці не.
— А хіба яно дзе схавана?
— А хіба ты не ведаеш?
— Не.
— А я падгледзеў. Ты адно маўчы. Калі не знойдуць, то я папрашу ў гаспадара, каб мне пуд даў гасцінца: я-ж ведаю, а не сказаў: от за гэта няхай дасць.
— Не дасць.
— Дасць. А не дасць — дык скажу. От бацька ўзрадуецца, калі пуд жыта прывалаку дадому. Ты-ж адно маўчы.
І з таемным выглядам змоўшчыка, ён сказаў Зосі, дзе схавана збожжа. Зося пайшла дваром. Дзве фурманкі стаялі каля кухонных дзвярэй. Скуратовіч быў каля іх. На вузкай лаўцы пры сцяне сядзеў чалавек у чорным фрэнчы, чырвонаармейцы ляжалі на абшчыпанай гусьмі траве. Скуратовіч гаварыў:
— Гэтулькі вы, таварыш камісар, салдат узялі, як-бы баіцеся мяне, ці што. (З губ яго выціснулася вялая ўсмешка.) Кажуць, бандыты па лясах ёсць. Можа і праўда, хто яго ведае. Каля нас то пакуль, дзякуй богу, не чуваць гэтага. Страшнавата, на адзіноце жывем.
— Вы гаворыце, што ўраджаю жыта ў вас усяго, што ў гумне ляжыць? Больш вы нідзе не складалі?