Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

— Не.

— І леташняга збожжа ў вас ні зерня няма?

— Як то ні зерня? Дзве кадушкі — от-жа! у сенцах стаяць. І кадушка мукі. Стаіць мне на абыходак, бо маладога хаця каб я, бог даў, паспеў пасеяць намалаціць.

— Ведаеце, што ёсць такі закон: трэба пасеяць, трэба і есці, а лішняе трэба аддаць: вайна, армію карміць трэба.

— Трэба-то трэба, а, божа мой, хіба я не хачу аддаць лішняга!

— То скажыце, дзе яно схавана. Мы ведаем, што ў вас вельмі многа збожжа схавана леташняга. Мы будзем шукаць.

— Шукайце, — заявіў Скуратовіч. — Такога крыўднага слова мне яшчэ ніхто ніколі не гаварыў. Не даюць веры чалавеку. Я на судзе не раз стаяў за сведку, ніколі няпраўды не сказаў. Я з людзьмі жыў і меркаваўся. А, б-божа мой! (Ён хапіўся за галаву.)

Зося прайшла моўчкі паўз іх. Яна чула частку гэтай гаворкі. У кухні была толькі адна Скуратовічыха. З-за дзвярэй яна падслухоўвала, як апраўдваўся яе муж. Як толькі Зося ўвайшла, нейкая як-бы здагадка ўстрапянула Скуратовічыху, грымаса прайшла ў яе па твары. Яна так адразу і загаварыла да Зосі:

— Можа-б ты пайшла дадому запытацца, ці не прышоў-бы твой тата заўтра да нас памагчы малаціць жыта на насенне?

— Добра, — узрадвалася Зося, што пойдзе дадому. — Крыху счакаю і пайду.

— Ідзі цяпер.

Цяпер ужо здагадалася Зося: значыцца, гаспадыня хоча яе збыць на гэты час? Баіцца, каб яна тут была?