— Паклалі іх у пуні? — падала яна з пасцелі голас.
Ёй не адказалі.
— Ну, дзе-ж твой халат, — сказаў хлапчук. — Тата, акрывай хутчэй!
Малы пачуў, што тата падступіў бліжэй, але ў прасвеце адчыненых дзвярэй ён бачыў, што гэта не зусім татава постаць. У той-жа момант гэтая постаць падступіла бліжэй і неўзабаве адышлася. Зося з хаты чула, як упала ў сенцах з калоды вядро з вадой. Нічога яшчэ нядобрага не адчуваючы, яна ўсхапілася з пасцелі і запаліла лямпу. У сенцах усё нехта мацаў паўз сцяны. Яна пхнула дзверы, трымаючы ў руках лямпу, і аслупянела: хтосьці незнаёмы чыркаў запалкамі, а яны, мусіць, адсырэлыя, не запальваліся. Стаяў ён спіной, да хатніх дзвярэй і абмацваў сцяну. Малы брат ляжаў скрываўлены ўпоперак пасцелі. Яна крыкнула і кінула ў сенцы лямпу. Кінулася назад у хату і з размаху высадзіла з трухлявых шуфлядаў гнілую аконную раму. За ёю ўбеглі ў хату. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла. Крыкнула ужо адбегшыся далёка. За ёю як быццам ніхто не гнаўся. Яна падбегла да акна і застукала, Яна крычала, што малога брата забілі і што бацька з пуні не прышоў. Пакуль яна паабуджвала людзей, вуліца раптам асвяцілася дымным агнём. Полымя прабівалася праз страху сянец у яе хаце. Пасля высветлілася, што сенцы загарэліся ад кінутай лямпы.
Праз хвілін дзесяць палала ўжо ў многіх месцах на вуліцы. Вецер кідаў агонь далёка. Але дзіўна было ўсім: адначасна з сенцамі гарэла і пуня: вецер быў якраз з боку пуні і не мог аніяк кінуць сюды агню з сянец, ды і не блізка стаяла пуня ад хаты. Калі ля пуні з‘явіліся людзі, то ўбачылі Зосінага бацьку. Ногі яго ляжалі цераз падваротню