— У Тварыцкіх, ведаеце, кожную раніцу цяпер, як запаляць у печы, смажаным салам пахне.
— Але, скажэце. Забагацеў ён раптам нямаведама адкуль, ці што! Нічога-ж не калоў.
— Што калоць, калі і карміць няма чаго.
— Ды няма і чым. Каб і агораў якое свінчо, дык чым ён яго карміць будзе. Самі з голаду заходзяцца.
— А пастаў цябе на яго месца! Добра ён і так кідаецца. Ён-жа ледзьве дыхае, здароўя ніяк у яго няма, хоць і не стары яшчэ чалавек.
— Які ён стары, калі на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны.
— Газ ядавіты пускалі.
— Ды не толькі гэта! У яго кулі, ці волава нейкага, як ранены быў, кавалак у целе астаўся. У яго-ж абы надвор‘е вільготнае, то ўсё цела ные і пячэ яму, небараку, што аж месца не знойдзе сабе.
— Каб было больш зямлі, то хоць на палавіну людзям аддаў-бы. Ато, што там аддасі. Нават каровы няма на чым пратрымаць. Каторы год ужо на каня якога-небудзь здохлага не можа ўзбіцца. Да вайны, пакуль быў здароў, то хоць крыху, але лепш жыў.
— То можа гэта хлапчук яго скораму запасвіў у Скуратовіча. Ён-жа праз каторы ўжо час за пастушка ў Скуратовіча.
— Гэта Міхалка? Можа ён там крыху і запасвіў, але-ж яны ўслед забіралі. Нават наперад часта ў Скуратовіча выпрошвалі, то тады не толькі Міхалка адпасваў, але і сям‘я хадзіла адрабляць. Малыя дзяўчаткі і тыя, небаракі, хадзілі грады палоць. Можа хіба Тварыцкі грошы дзе знайшоў, ці спадчыну якую мае. Нажаў-жа ён дзве капы жыта, от і ўвесь яго хлеб. І нешта не чуваць