— Я не адважыўся ўвайсці адразу, — пачаў апраўдвацца Міхалка. — Гэта я хацеў папрасіць дзядзьку Сцепуржынскага, каб аддалі мне маю папружку.
— Жаба ты малая, з сваёй папружкай, — з прыкрасцю замармытаў Сцепуржынскі. — Аддам тваю папружку, няхай цябе д‘ябал з ёю разам. Чаго ты лезеш, куды цябе не просяць!
— От я табе зараз так дам папружку, што век-вечны памятацьмеш яе смак! — абазваўся Скуратовіч. — Гоніць цябе нячыстая сіла сюды, каб з цябе выгнала…
Збянтэжаны Міхалка тузануў угару за паясніцу штаны і павярнуўся ціхам выйсці.
— Стой! — яшчэ мацней зароў Скуратовіч. — Слухаў, пад дзвярыма стоячы?
— Дзядзечка, я хацеў папрасіць, каб папружку аддялі.
— Я цябе так пастаю пад дзвярыма, што цябе ногі не ўтрымаюць.
— Не буду больш! — заенчыў Міхалка, не ведаючы, за што на яго крычаць і чаго ад яго хочуць.
— Ах, ах, — стагнаў Скуратовіч, — гэтак тая падслухоўвала ўсё і падглядала. — Ён гаварыў пра Зосю, але Міхалка нічога не разумеў. — Так і гэты ўсё вывіжоўвае. От даў мне бог кару! Не дай божа трымаць чужую душу ў сваёй хаце.
— Чужаніца, — гэта непрыяцель, — пацвердзіў Сцепуржынскі.
— Ну, што-ж цяпер? — развёў рукамі Скуратовіч.
У яго быў такі выгляд, як-быццам ён хацеў сказаць: „усё прапала“.
— То я пайду, — сказаў Сцепуржынскі.
Скуратовіч вывеў яго з хаты, і яны ўдвух прайшлі дваром да брамы, ціха гаворачы. Міхалка