Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

пайшоў у кухню і лёг спаць. Праз хвілін пяць ён, стомлены за дзень бегатнёй за каровамі, моцна спаў. Раніцай яго, як і заўсёды ў апошнія часы, пабудзіў гаспадар (раней яго будзіла гаспадыня). Нанятая пасля смерці Схуратовічыхі жанчына ўжо канчала даіць каровы. Міхалка на-хаду, падпяразваючы свой халацік, злосны ад страшэннай прагнасці нічога не знаць і нічога не хацець, а толькі спаць, адкінуў адну фортку брамы і патурыў з двара каровы.

— Я табе памагу прагнаць паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч, выцягваючы на-хаду выгінастую ламачыну з накіданага каля плоту лома.

Міхалка здзівіўся такой небывалай гаспадарскай услужлівасці, нават тону яго голаса. Гаспадар ішоў поплеч Міхалкі. Міхалку было так няспрытна ісці. Куды вальней ён сябе адзін адчуваў-бы.

— Табе гэта ці не чатырнаццаць год? — ціха пачаў гаварыць Скуратовіч.

— Чатырнаццаць, — згадзіўся здзіўлены Міхалка.

— От, бачыш, ты яшчэ год не дарос!

— Не дарос?

— Помачы бацьку ні ад каго няма яшчэ ў вас.

— Няма.

— А бацька хворы.

— Хворы.

— Яму што — яму, каб нічога не рабіць, ды каб лёгкі хлеб, то ён і скрыпеў-бы пакрысе на свеце. А так — калі клопат, работа, сілкавацца няма чым, перадыхнуць няма пры кім… яго-ж на вайне атруцілі і яшчэ мала, дык ранілі. На, цешся, жыві, чалавек, як хочаш! Ого, вайна, не дай божа! Ты-ж сам бачыш.

— Бачу.

— Я табе, сынку, скажу. Чалавечы век, здаецца,