Каб не дзеці, то здаецца пад мост кінуўся-б, каб не мучыцца самому і людзям не назаляць.
Скуратовіч падаў яму руку і паехаў дадому. З таго часу Міхалка вельмі выразна адчуў, як змяніліся да яго Скуратовічавы дачыненні. Міхалка цяпер быў лепш адзеты і ніколі не быў галодны. Час ад часу Скуратовіч засылаў, што трэба, і Міхалкавай сям‘і.
Адзін раз увечары, кладучыся спаць, Міхалка заўважыў праз адчыненыя ў бакоўку дзверы, што Скуратовіч лёг на ложак у ботах і не раздзяючыся. За гэтыя часы Міхалка прывык глядзець на ўсё з падазронасцю; цяпер ён стараўся дадумацца, чаму так зрабіў гаспадар. Раптам Скуратовіч усхапіўся, закурыў і зачыніў дзверы. Цяпер ужо Міхалку не відна было, што робіцца ў бакоўцы. Але ён пачуў, што скрыпнуў ложак: Скуратовіч, значыцца, зноў кінуўся на пасцель, не раздзяючыся, бо за гэтакі момант ён не мог раздзецца. Ды і не чуваць было, каб ён скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца.
Падазронасць мучыла Міхалку. Ён думаў: „Цяпер-то Скуратовіч са мной добра, а як раней быў? Каб пайшоў сказаў, што палавіну ўсяго з поля ён звёз да Сцепуржынскага, от-бы патрапятаўся-б ён у мяне! От-бы я яму падстроіў шыўку!“
І ён пачаў усміхацца і гаварыць сам сабе пра Скуратовіча:
— Тады папаскакаў-бы. Папаенчыў-бы. От-бы папагнуўся-б!
Памаўчаў, чмыхнуў носам, стрымліваючы смех і зноў:
— От панабожкаў-бы тады!
— Што ты кажаш? — абазваўся з бакоўкі Скуратовіч.