Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

Міхалка спалохаўся і прыліп да пасцелі. Скуратовіч счакаў крыху, пасля мармытнуў:

— Праз сон гаворыць, ці якое яму ліха.

„Няхай лепш табе ліха, — думаў Міхалка, — от як узлуюся, то не паможа тады ні сала тваё, ні жыта“.

Ён ляжаў і не мог заснуць. Прайшла, можа, з гадзіна, калі не больш. Міхалку ўжо браў сон. Раптам зноў пачуў, што скрыпнуў ложак і пасля як-бы прыглушаныя крокі. Скуратовіч пайшоў у большы пакой, стараючыся ступаць ціха. Але як ён ні стараўся, усёадно Міхалку чуваць было. Міхалка чуў, што Скуратовіч вышаў у чыстыя сенцы, адсунуў засоўку ў дзвярах. Выразна чуў, як пасля Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы і як цяжка спусціўся з ганка. Пасля ён ціхім голасам паклікаў сабаку. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Відзен быў Скуратовіч: сілуэт яго вырысоўваўся даволі ясна. Міхалка калаціўся ад хвалявання і страху. Ён бачыў, як Скуратовіч ужо варушыўся побач свірна — значыцца ён быў ужо каля брамы. За брамай ішла дарожка проста ў лес. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Міхалка стаяў можа з поўгадзіны на адным месцы. Неспакой і страх трымалі яго тут. Чаго ён баяўся — ён і сам не мог-бы сказаць. Дзесьці зашкрэбала мышка. Міхалка адумаўся. Ён пайшоў назад у кухню. Спаць ён не мог і, пастаяўшы ў куце, ціхом, каб не пабудзіць работніцы, пайшоў з хаты. У сенцах праз сон абзываліся гусі, і Міхалку стала смялей. „Ты, можа, яшчэ дзе жыта хаваеш“, — думаў ён пра Скуратовіча, ідучы паўз плот да брамы. Цяпер пачыналася ў яго злосць на гаспадара. „Ты раней са мной нават не гаварыў па людску, а цяпер дагаджаеш мне, каб я маўчаў!