Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

І гэтак зрабіўшы мяне сваім хаўруснікам, усё-ж такі хаваешся ад мяне! Пачакай-жа, калі так!“ — так льга было-б сфармуляваць Міхалкавы настроі гэтай хвіліны. Ён быў ужо каля брамы і далей не пайшоў — астаўся стаяць, высунуўшы твар паміж двух рассунутых частаколін. Свяцілі зоры, і лес наперадзе зусім знікаў у чарнаце. Перад вачыма туманілася камяністая дарога. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна, ён прайшоў разоў са два паўз плот. Пасля зноў заняў ранейшае месца і яшчэ стаяў. А пасля пачаў заўважаць, што як-бы хтосьці ідзе ад лесу, на дарожцы як-бы варушыўся чалавечы сілуэт. Праз хвіліну яму ўжо было добра відаць, што ідуць двое людзей. У Міхалкі зуб на зуб не цэляў, яму здавалася, што шапка на яго галаве варушыцца. Ён не мог адарвацца ад частакола. От ён ужо бачыць, што гэта Скуратовіч. А за ім хтосьці вельмі падобны з абрысаў постаці на Толіка. Але-ж Толік у арміі! Не можа быць, каб гэта быў Толік, хіба можа ён зноў дадому ўцёк! Апошняя думка пачала браць верх у Міхалкавай галаве.

Па той бок агарожы, направа ад брамы, расло некалькі старых дубоў. Шэпчучыся, дзве цёмныя постаці адышліся пад гэтыя дубы. Частакол даходзіў да самых дубоў. Міхалка анямеў пры частаколе. Скуратовіч шаптаў:

— Табе лепш не ісці ў дом, не будзь такі смелы. Нашто рызыкаваць.

— Мяне не пыталі? — запытаў Толік.

— Не, ты-ж у арміі.

— Развёрсткі не дамагаюцца?

— Няхай хіба за горла павесяць. Я згарэў да тла і каб яшчэ зноў развёрстку!

„Уцёк з арміі, — думаў Міхалка. — Ён-жа і раней уцякаў з арміі. Усё было так проста. Уцёк, а бацька