Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

а то пайду і ўсё выкажу. („Зараз жа прыедуць арыштоўваць яго“ — думаў ён.)

Скуратовіч раптам пакінуў граць ролю ласкавага спачувальніка Міхалкавым інтарэсам. Ён хапіў Міхалку за плячо так, што той прысеў і выгнуўся на адзін бок.

— А ты яшчэ не выказаў? Гавары праўду, а то зараз падніму, ды так лясну аб гэтую дарогу, што не ўстанеш.

Міхалка ўтрупянеў. Ён адразу ўбачыў сваю памылку: не трэба было так гаварыць з Скуратовічам, можа нават зусім не варта было ўжо і варочацца на хутар, але ён хацеў яшчэ хоць апошні раз узяць чаго-небудзь ад Скуратовіча.

— Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся:

— Ты! Не крычы гэтак!

Скуратовіч так і павёў Міхалку дадому, не выпускаючы з рук пляча.

— А што ты можаш выказаць, што ты ведаеш такое?

— Я нічога нікому не гаварыў і не скажу.

— Брэшаш, шчанюк! Прызнавайся!

— Я то нікому не скажу, але чуў, што людзі думаюць пра вас, што вы самі спалілі гумно, каб не было падазронасці, што Толік са сваімі хаўруснікамі робіць пажары і забівае людзей.

— Хочуць мяне з‘есці, нявіннага чалавека. А ты сам верыш гэтым выдумкам?

— Я толькі ведаю, што вы ў Сцепуржынскага збожжа схавалі і што Толік не ў войску, а ў лесе.

Скуратовіч зняў руку з Міхалкавага пляча і ўжо далей яны ішлі моўчкі. Так увайшлі яны ў клець. Скуратовіч адчыніў кубел:

— Бяры сала, от гэты кавалак.