Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

заварушыліся, ён рушыў да дзвярэй і стаў напагатове. Чутно, што Скуратовіч у сваім „салончыку“. Праходзіць блізка гадзіны. Міхалка, напэўна, ужо спіць! Скуратовіч не ўсцярогся і бразнуў засаўкай у чыстых сенцах: пайшоў на двор. Міхалка ўскочыў у цёмны „салончык“ і прыліп да акна. Яму ўсё было відаць. Скуратовіч стаў на калені, выцягнуў з-пад ганка рыдлёўку, ускінуў яе на плячо і штосьці чорнае прытуліў к сабе да грудзей. Такі пайшоў да брамы. Назіркам, Міхалка пайшоў за ім, тулячыся паўз платы. Ён бачыў вельмі выразна, як Скуратовіч дайшоў да палявое грушы (дзічкі), што расла паміж лесам і хутарам і там пачаў працаваць. Міхалка выгледзеў усё і, не могучы стрымаць свайго ўзбуджэння, паімчаўся назад і ўскочыў у кухню праз чорны ход, забыўшыся зачыніць чыстыя дзверы на ганку, праз якія выходзіў падглядаць за Скуратовічам.

— Божа мой, хто гэта дзверы адчыніў, — закрахтаў неўзабаве Скуратовіч у сваім пакоі. — Міхалка, ты выходзіў?

— Чаго? — абазваўся Міхалка, прыкідваючыся сонным.

— Дзверы ты адчыніў?

— Якія дзверы?

Міхалка ўспомніў і спалохаўся. Скуратовіч увайшоў у кухню. Больш ён ужо не думаў пра тое, каб хаця Міхалка выспаўся да раніцы.

— Гэта ты адчыніў дзверы?

— Я спаў.

— А я думаў, ты выходзіў на двор. Я прыдрамаў крыху, а пасля думаю сабе, — пайду ў лес дзве жэрдкі высяку, каб ніхто не бачыў, а ледзь на дзень, яшчэ з табой схадзілі-б. Выходжу ў сенцы, бачу — дзверы адчынены. Можа гэта я сам забыўся зачыніць з вечара, а можа вецер. (Памаўчаў.) Я от