вёрстка, што гэта? (Памаўчаў, падумаў, харкануў, аж пабудзіў у сенцах сабаку, і той гыркнуў.) То я табе, сынку, скажу… Ну добра… спі сабе.
І пайшоў у свой пакой. Міхалка чуў, што ён спаць не кладзецца. „Баіцца. Можа прыедуць арыштоўваць, сабакі забрэшуць, і ён уцячэ“ — думаў Міхалка. І раптам устрапянуўся. Стараючыся, каб не чуў Скуратовіч, ён вышаў на двор і ціхім свістам паклікаў сабак. Сабакі пайшлі з ім аж за хутар, пад самую дзічку. Там ён меў падвойную справу — і сабак трымаў наводдалек ад хутара, і правяраў Скуратовічаву нядаўную работу. „Ты думаеш, ад мяне ўхаваешся? Ты мне пра нейкія сіраты і пра чорную часіну гаворыш? То пачакай-жа“ — самаўпэўнена і нават ганарыста сам перад сабою думаў Міхалка, утоптваючы зямлю каля дзічкі. Сабакі цёрліся аб яго ногі, было так цёмна, што дзікую грушу ён ледзьве бачыў. Нарэшце яму надакучыла чакаць: ніхто на хутар не з‘яўляўся. і ён рушыў назад. Агню ў вокнах нідзе не было, але Скуратовіч не спаў. Міхалка гэта чуў з кухні праз сцяну. Скуратовіч гаварыў сам з сабою: „Стафан Седас, Стафанка… Ты хоць паміж гэтых гадаў не жывеш… Божа мой, божа, і яна памерла… аўдавеў…“
Раптам сабакі натапырылі вушы і пачалі бурчэць. Міхалка ў адзін момант кінуўся да іх і хапіў аднаго і другога за морды. Ён гладзіў іх па галовах, заціскаў ім раты і яны паслушна маўчалі. Міхалку ўжо здавалася, што канца не будзе гэтаму: сабакі былі паслушныя з ім, і ніякай нідзе трывогі. Яму надакучыла, і ён пусціў сабак. Яны зноў натапырылі вушы і забурчэлі. У той-жа момант захрыпеў сонным голасам Скуратовіч:
— Хто там?
Ніякага адказу Міхалка не чуў за сабакамі.