свой хутар. „Падумайце, што вы гаворыце! Як гэта і на што паліць сваё! Гэты-ж пажар маю жонку ў магілу звёў! Яна і так была хворая, а гэта — не вытрымала“. Нарэшце, была ўстаноўлена яго вінаватасць у пажары і ў бандытызме. Следства скончылася, і Міхалка спакойна ўздыхнуў. Ён сам таго не мог ацаніць, што ў ім зрабілася за гэты час, якая ў ім прайшла работа. Можна не зважаць на яго чатырнаццаць год. За некалькі гэтых тыдняў ён набыў сталасць дарослага чалавека. Праз шмат год успамінаючы гэтыя дні, ён сам думаў: „я тады раптам зрабіўся „бітай штукай“ — думаў так пра сябе, цяпер ужо, у нашы дні[1], з смуткам і трывогаю. Тады канчалася яго маленства.
Ужо была першая восень. Іржэўнік пацямнеў, птушкі павырасталі і збіраліся разам. Птушкі крычалі на полі, каля лесу. Відзён быў апусцелы Скуратовічаў хутар. Міхалка стаяў каля мураванага скляпка: ён надумаўся прайсці сюды паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Ён паглядзеў у хлявы, абышоў сад і пайшоў у поле да дзічкі. Гэтая дзічка цягнула яго да сябе. Падышоў, азіраючыся, ці не глядзіць хто на яго. Нікога нідзе не было. Ён прыпёрся плячуком да дзічкі і пачаў глядзець на зямлю пад ёю. Ён гаварыў сам з сабою: „Бач ты, ужо і знаку няма! Ужо трава павыбівалася. Нікому і ў голаў не прыдзе. Адзін я ведаю! Буду трымаць пры сабе! Ні адна душа ведаць не будзе! Я адзін! Няхай сабе чорная часіна прыходзіць, мне не страшна… Абы толькі Скуратовіч не вярнуўся“…
Дзікая радасць агарнула яго. У нейкім як-бы экстазе ён слухаў птушыны крык і доўга не мог адарвацца ад дзічкі, А як пайшоў — усё азіраўся,
- ↑ Дададзена паводле кантэксту. У электроннай копіі кнігі гэтае слова не відаць.