Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

і павінен вартаваць тое месца. Зося заўважыла, што ён хістаецца і ўгаварвала яго ісці далей: ёй самой цяжка было адной аставацца. Яна гаварыла з ім, а ён найбольш маўчаў і слухаў і было ў яго да Зосі такое пачуццё, што гэта нібы маці з ім гаворыць. Ён пачаў з вялікім добрым пачуццём гарнуцца да яе. Яны прайшлі яшчэ вёрст дзесяць і адчувалі страшную стому. У нейкай адзінотнай сушні яны прытуліліся адпачыць і паснулі на кастрыцы. Прачнуліся ўначы, вельмі было цёмна, праз дзірку ў страсе свіцеліся рэдкія зоры. Было холадна. Седзячы адно пры адным, яны чакалі дня і хваляваліся ад нязнанага яшчэ ніколі адчування: плячом к плячу сядзелі яны вельмі блізка. Апоўдні таго другога дня падышлі яны да вакзала. Вытаптаны выган быў навокал і непадалёку пачыналася першая гарадская вуліца. Яны абвандравалі ўвесь гарадок, пакуль дапыталіся кватэры Назарэўскага. На дзвярах вісеў замок. Блізка быў вечар. Суседзі сказалі, што Кандрат Назарэўскі ў арміі, а „ёсць малая яго сястрычка Ірынка, то яна раней была ў дзіцячым прытулку, а гэты прытулак спалілі бандыты, то нямаведама, дзе яна цяпер. Дзеці параспырхваліся, як птушаняты, хто куды, з голаду і холаду. Пагарэла ўсё, ледзьве з агню выратаваліся“. Зося і Міхалка селі на вулічны камень, не ведаючы куды падацца. Меркнуў дзень. Яны не мелі пра што гаварыць. На вуліцы пуста і глуха. Нейкі чырвонаармеец, абпылены, стомлены спыніўся перад імі:

— Ці тут кватэра Назарэўскіх?

— Тут.

— Дзе Ірынка?

Міхалка і Зося падняліся з каменя.

— Ніхто не ведае, дзе яна. Прытулак згарэў…

— Ведаю. Дзе яе шукаць лепш?