рэўскі туды адразу і рушыў. Коней — нідзе не чуваць было. І нікога нідзе. Два сабакі проста-такі рвалі чырвонаармейца, стараліся хапаць зубамі за абмоткі на нагах, аж захлёбваліся прарэзлівым брэхам. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі і з большай яшчэ заядласцю кінуліся зноў. Нарэшце адзін рвануў-такі зубамі за нагу. Чалавекам апанавала злосць. Ён папусціў ламачынаю і якраз уцэліў: востры сук сухое старадрэвіны разануў сабаку побаку. Сабака заенчыў, падтуліў хвост і кінуўся наўцёкі. Імчаўся проста пад нізкую агарожу, за якой стаяў дамок з жоўтымі вокнамі. Недзе ўжо там сабака захлёбваўся немым енкам, а другі кідаўся на чырвонаармейца. Але з адным сабакам саўладаць было лягчэй. Чырвонаармеец пайшоў к дамку. Ніхто ні адкуль не выходзіў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых каменях і гнуліся пад нагамі. Дзверы замкнёны не былі, і чырвонаармеец увайшоў у маленькія сенцы на падлозе. Сабака астаўся на дварэ. Пасля сянец быў пакой, не малы, паводле самога дамка.
Цяпер ужо нельга было не абазвацца, калі чужы чалавек увайшоў у хату, і з бакоўкі абазваўся жаночы голас:
— Хто там?
Старая жанчына ўвайшла з бакоўкі. Трэба думаць, што яна праз акно бачыла, на каго брахалі сабакі, бо нешта вельмі-ж ужо адразу сказала:
— Чаго вам трэба, таварыш?
— Мне трэба фурманка, — адказаў Кандрат Назарэўскі. — От паперка ад старасты. Я ранены і хворы, еду дадому на папраўку.
Апошнюю фразу ён дадаў, убачыўшы халодны позірк старой жанчыны.