— Мы не знаем.
Жанчына вышла з суседніх дзвярэй:
— Яе ўчора бачылі на вакзале.
Чырвонаармеец, а за ім і Зося з Міхалкам рушылі на вакзал. Усе ўтраіх увайшлі ў вялікі пакой для пасажыраў і ўбачылі пры акне натоўп людзей. Там як быццам нешта разглядалі. Натоўп маўчаў, толькі калі-ні-калі чуліся заўвагі і меркаванні. Пад акном, пры сцяне, перад тварам цікаўнага натоўпу сядзела дзіця — дзяўчынка ў нейкім вялікім брудным і парваным лахмане. Рукі яна трымала схаванымі ў рукавах, але часамі з рукавоў выцягвала свае худзенькія кулачкі, каб пачухаць грудзі ці галаву. Кулачок тады ўзнімаўся ўгару, белы, касцісты. Ён аж свіцеўся навылёт. Тварык белы, нос завастрыўся. Нейкая жанчына дала гэтаму дзіцяці хлеба і агурок. Дзіця страсянула галавою:
— Мне не можна гэтага есці, у мяне жывот хворы.
Яна гаварыла, як сталая. Усе чулі гэты цвёрды голас, у якім гучэла шмат жорсткай практыкі. Нейкі стары, з сукаватай палкай і мехам за плячыма, раптам накінуўся на жанчыну:
— Што ты даеш ёй, добра кажа, агурок там нейкі! Можа-б ёй сала, ці прысмакаў якіх! Бач ты, абы чаго есці не будзе! Вы тут над ім охкаеце, а яно на тры сажні ў зямлю бачыць! Яно больш за цябе ведае, дармо, што яно малое. Нябось каровы дзе пасвіць, дык не ўгаворыш, каб прышлося, скажам. Я вам раскажу, як гэтым летам у мяне было. (Ён расказаў як гэтым летам у яго было.) От сядзіць, ды выпрошвае, а непадалёку напэўна недзе маці або бацька сядзіць, ды паглядае, ці многа навыпрошвае — абы работы не рабіць! От-бо народ цяпер пайшоў, хай бог сцеражэ!
Дзіця выслухала ўсё і раптам усхапілася і пай-