ваць і паднімаць у ім галаву гордае самаздаваленне.
Трымаючы на руках Ірынку, чырвонаармеец канчаў гаварыць з Зосяй.
— А твой брат цябе любіць і шкадуе? — прагаварыў Міхалка халодным голасам да Ірынкі.
— А, як-жа! — здзівілася яна яго словам.
— Гэтак мусіць ён цябе і шкадуе! — секануў Міхалка, сам таго не бачачы, што ўсё адно як сцебануў чым цвёрдым Ірынку па твары.
— Дурань ты! — адказала Ірынка і адвярнула ад яго галаву.
Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і і панёс туды, дзе стаялі вагоны. На яго руках яна была такая худая і маленькая! Адной рукой яна абняла чырвонаармейца за шыю і так трымалася за яго. Зося і яе спадарожнік асталіся адны. Зося накінулася на яго:
— Ты зусім дурны: што ты гаварыў ёй! Ты якраз, як той стары, з мяшком, абышоўся з ёю. Табе-б быць толькі на Скуратовічавым хутары і памагаць гэтым бандытам.
— Памагаць бандытам? Я іх, гэтых гадаў, забойцаў, павешаў-бы!
— Аднак-жа памагаў!
— Я ратаваў галодных, а не памагаў бандытам. А пасля я сам расказаў.
Пасля ён змяніў тон гаворкі, а пасля яшчэ і зусім змоўк: яму стала страшна, што Зося можа зазлаваць і зусім пакінуць яго.
— Чаго ты на мяне так? — запытаў ён, шукаючы прымірэння.
— Я чула, як ты гаварыў з Ірынкай Назарэўскай.
— Ну, то чаго ты, мала што сказаў… (Памаўчаў і зноў загаварыў.) — Я астануся дзе-небудзь