Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

рукавы звешваліся ніжэй рук можа на чвертку метра; каб полы не баранавалі па дарозе, уся вопратка была падцягнена ўгару, пад плечы, і туга падпяразана, ад чаго на спіне тырчаў горб самай фантастычнай формы. Шапка на гэтым фурманшчыку была ватовая, шмат разоў латаная кавалкамі старызны ўсялякіх колераў і форм. Так што сама шапка страціла ўжо ўсялякую сваю форму. Ступені ног былі таўшчэзныя, як калоды: яны паабкручваны анучамі так, што здавалася гэта не так сабе анучы, а цэлыя мяхі тут пушчаны ў работу. (Можа яно так і было.) Анучы на нагах стрымліваліся лапцямі і вяроўчанымі аборамі. Ішла гэтая зграбная істота каля сваіх саней вельмі-ж ужо неяк стала, празмеру па-гаспадарску, цягла па дарозе лапці цвёрда і ўпэўнена і толькі калі часамі абзывалася на каня або на суседа, то голас яшчэ не меў у сабе роўнай вытрыманасці: праз яго прастудлівы хрып чуліся яшчэ дзіцячыя ноты. Часамі з натапыраных лахманоў паказваўся дробны твар, худы і завостраны, але нехваравіты, абветраны і загартованы. Цераз увесь гэты твар ішла адна рыса: тут было і недавер‘е да ўсяго, што толькі ёсць на свеце, і хітрасць, і разам з тым спакойная цягавітасць.

Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Ён абцёр яго саломай, накрыў халатам, знятым з сябе, добра даў яму сена: на-хаду скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Як конь астыў, звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аброку. Сам паеў з торбы хлеба, запіў добра вадой, у самым цёмным кутку лёг спаць на заплёваную падлогу і быў здаволен. Прачнуўся раней за ўсіх, дагледзеў каня і самы першы быў гатоў у дарогу. Як паскідаў ён у карчме свае