Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

Пасьля таго, як організацыя „Філёматаў" распалася (1810), вырасла легальная студэнцкая організацыя „Прамяністых", якая па статуту ставіла сваёй мэтай інтэлектуальнае і моральнае разьвіцьцё студэнтаў. Тайнаю мэтаю кіраўнікоў організацыі было выхаваньне моладзі ў польскім патрыотычным кірунку. Адну з галоўных роляй і тут мае Ян Чачот.

Пасьля таго, як рэктар унівэрсытэту распусьціў „Прамяністых", кіраўнічае ядро іх утварыла ў 1820-м годзе новую організацыю „Філёрэтаў" (аматараў добрадзейнасьці). Апроч мэт культурна-асьветных, організацыя ставіла перад сабой і політычную мэту: падгатаўляць адраджэньне Рэчы Паспалітай, куды павінна ўвайсьці і Беларусь. Намесьнікам старшыні орга­ нізацыі быў зноў Ян Чачот. Організацыя разраслася і на­лічвала ў сваім складзе больш 300 дзейных сяброў. Руская поліцыя разграміла „Філёрэтаў" у 1822 годзе, і шмат сяброў, у тым ліку Чачот, панесьлі суровыя кары. Мясцовы колёрыт гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце ясна кідаецца ў вочы нават сучасьнікам іх. Польскія колы ў Варшаве не здаволены мясцовым ухілам віленскіх гурткоў. У Варшаве непакояцца, як-бы такая дзейнасьць гурткоў ня выклікала сэпаратызму на Беларусі і не перашкаджала агульнапольскай справе.

У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць вынятак з арты­кулу, зьмешчанага ў № 147 „Бруковых Ведамасьцяў" пад назваю „Ліст з Варшавы", падпісанага псэўдонімам „Варшаўскі прыяцель". Там мы чытаем ніжэйпаданае: „Ня гледзячы на жартоўнасьць і вульгарнасьць вашай назвы („Бруковыя Ведамасьці “), вы ўсё-ж такі тут маеце шмат прыхільнікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхетны намер выкараняць краёвыя хібы. Праўда, іншы раз нават вашы прыхільнікі скардзяцца, што для Палякоў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць зразумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для кароны. Вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумела вас Вільня і Літва. Іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для ўсіх".

Сябры унівэрсытэцкіх гурткоў вельмі цікавіліся краязнаў­ствам. У мясцовы колёрыт былі ахварбованы гурткі „Прамяністых". У „філёрэтаў" была друкаваная інструкцыя наконт таго, як зьбіраць матэрыялы па народнай творчасьці, гісторыі, этно-